Музей Марка Шагала
Беларускi english deutsch francais русский

Ванкарэм Нікіфаровіч. Марк Шагал у Чыкага



Ванкарэм Нікіфаровіч. Марк Шагал у Чыкага

(да творчай гісторыі мазаікі "Чатыры поры году",

вітражоў "Вокны Амерыкі", габелена "Іоў")*

 

Я сцены светлыя маляваў,

на сцэне музыкаў, танцораў парыў.

Чырвонымі, жоўтымі фарбамі вам

блакіт і ауру я падарыў.

Браты замоўклыя, бегчы не ўзбоч,

а ўпоплеч

да зор я хачу якраз...

Марк Шагал

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

 

І.

Горад Чыкага, у як ім мне выпаў лёс жыць у апошнія гады, яшчэ параўнаўча малады: няма і двух стагоддзяў яго свядомай урбаністычнай гісторыі. Сёння гэта буйны прамысловы, гандлёвы, культурны, камунікацыйны цэнтр, самы вялізны ў свеце аэрапорт ды г.д. Даведнікі раскажуць вам пра многае, чым славіцца гэты горад і што тут абавязкова трэба ўбачыць. Мяне ж цешыць тое (ва ўсякім разе адчуваю нейкае светлае і радаснае, узнёслае пачуццё, калі думаю пра гэта), што і гэты горад займае прыкметнае месца ў творчай біяграфіі і геаграфіі майго найбольш любімага мастака Марка Шагала, аднаго з найвыдатнейшых постацяў у духоўным абліччы адыходзячага бунтоўнага стагоддзя. У Чыкага знаходзяцца некалькі шэдэўраў вялікага Майстра, які горда пранёс праз час і прастору, праз акіяны і кантыненты выявы роднага Віцебска і бацькоўскай зямлі, паказаўшы, што часам варта ўзняцца высока ў нябёсы, каб лепей убачыць тое, што адбываецца на зямлі, каб адчуць і пераканацца, што няма ў створаным Усявышнім свеце сілы, мацнейшай за любоў.

Упершыню Марк Шагал прыехаў у Чыкага летам 1944 года, калі яшчэ грымела сусветная вайна, калі чалавецтва змагалася з фашызмам, ад якога мастаку ў свой час давялося ўратавацца, пакінуўшы Францыю. Чыкагскі Арт-Інстытут (так завецца найвялікшы музей класічнага і сучаснага мастацтва ў нашым горадзе) наладзіў тады рэтраспектыўную выставу твораў Марка Шагала, сабраўшы з розных амерыканскіх музеяў ды прыватных збораў даволі вялікую колькасць работ. Мастак быў тады ў Чыкага нядоўга, ён прысутнічаў на адкрыцці выставы, выступіў з лекцыяй у Чыкагскім універсітэце, быў вельмі крануты і расчулены гасціннасцю прафесара гэтага універсітэта Джона Нэфа, у калекцыі якога знаходзіліся дзве карціны Марка Шагала.

У 1958 годзе прафесар Джон Нэф запрасіў мастака зноў прыехаць у Чыкага, каб прыняць удзел у дыскусіях спецыяльнага семінару па праблемах узаемаадносін грамадскай думкі і мастацтва. На гэты раз Шагал прабыў тут некалькі дзён і змог больш падрабязна азнаёміцца з непаўторным архітэктурным абліччам гэтага горада. Мастак пазнаёміўся тады з сямействам Вільяма і Элеанор Вууд Прынсаў. Ён, вядомы вучоны-мастацтвазнаўца, кіраваў гэтым прадстаўнічым міжнародным семінарам, а яна пазней стала спонсарам і арганізатарам спецыяльнага грамадскага фонду, каб набыць для Чыкага творы Марка Шагала.

Ад'язджаючы, Марк Шагал пакінуў тэзісы свайго выступлення - своеасаблівы зварот да ўдзельнікаў семінару. "Мастацтва і жыцце", - так ён назваў гэтыя свае развагі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Чыкагскага універсітэта. "Я адчуў у Амерыцы незвычайную дабрыню да мяне, яна вярнула мне адчуванне маладосці, - пісаў мастак, прыгадваючы часіны, калі гэта краіна прытуліла яго. І потым працягваў: "Сёння я бачу тут несупынны рух, імкліва імчацца людзі і машыны, шукаючы не толькі матэрыяльнай выгоды, але і невядомых мне ідэалаў. Я ў захапленні ад гэтага мноства людзей, што гавораць на розных мовах, але якія аб'яднаныя ў адзіным магутным маладым імкненні... Напэўна, гэта было б шчасцем для якога-небудзь мастака ці для мяне стварыць сёння альбо заўтра нешта манументальнае для гэтага новага свету..."

 

ІІ

Так была выказана ідэя, на якую не забыліся тыя чыкагаўцы, якія вельмі любілі натхнёную творчасць мастака. Але толькі ў 1971 годзе ў гэтай ідэі з'явілася нешта падобнае на рэальную перспектыву ажыццяўлення. Марк Шагал прыехаў у Вашынгтон, зноў па запрашэнню прафесара Нэфа і яго жонкі, каб быць на адкрыцці зробленай па яго малюнку мазаікі на сцяне ў садзе дома прафесара у вашынгтонскім прыгарадзе Джорджтаўне. На сямейнай урачыстасці былі Вільям і Элеанор Вууд Прынсы. Дачакаўшыся зручнай хвіліны, Элеанор сказала Шагалу: "Не забывайце, калі ласка: у Чыкага вас так любяць... Было б цудоўна, каб людзі змаглі нешта ўбачыць, што толькі б узмацняла асацыятыўную сувязь: Чыкага - Шагал (Chicago - Chagall. Элеанор Вууд Прынс мела на ўвазе менавіта такое зрокавае сугучча)". Першай ухваліла гэту ідэю Вава, жонка Марка Шагала. А сам мастак згадзіўся падумаць.

На працягу наступных месяцаў Элеанор Вууд Прынс напісала некалькі лістоў да Марка і Вавы Шагалаў, нагадваючы пра размову ў Вашынгтоне. Адказваючы ёй, Вава ветліва даводзіла, што ўсё не так проста, нельга забываць, што мастаку ўжо восемдзесят чатыры гады. Але Элеанор Вууд Прынс працягвала свае настойлівыя перамовы. З канкрэтнай прапановай стварыць мазаічную сцяну на пляцоўцы каля новага будынку Першага Нацыянальнага Банка Чыкага Элеанор Вууд Прынс паляцела у Францыю. На гэты раз Марк Шагал даў прынцыповую згоду.

У лютым 1972 года нястомная Элеанор прыляцела да Шагалаў разам з архітэктарам Картэрам Мэнні. Яны прывезлі з сабой спецыяльна выкананы макет будынка і пляцоўкі каля яго. Абмяркоўвалася форма будучай мазаікі; вырашылі, што яна павінна глядзецца з розных бакоў пляцоўкі ў трох вымярэннях.

Урачыстае адкрыцце мазаікі адбылося 27 верасня 1974 года. "Чатыры поры году" - так назваў Марк Шагал свой незвычайны твор, шчодры дарунак жыхарам Чыкага. 280 квадратных метраў - такая агульная экспазіцыйная плошча гэтага ўнікальнага збудавання з каменю і шкла. Даўжыня яго - дваццаць адзін метр, вышыня - больш за чатыры і шырыня - тры метры. Кампазіцыйнае адзінства ствараюць 128 панеляў на ўсіх пяці плоскасцях, якія можна аглядаць, стоячы на пляцоўцы з розных бакоў мазаікі. 250 адценняў розных колераў шкла складаюць народжаныя шагалаўскай фантазіяй малюнкі. Мазаіка верхняй, пятай плоскасці - велізарнейшы букет кветак - добра відаць тым, хто працуе на розных паверхах будынках Першага Нацыянальнага Банка. "Чатыры поры году" добра прытуліліся тут, на гэтай плошчы каля вялікіх гмахаў чыкагскага даўнтауна. Мазаіка Марка Шагала глядзіцца тут натуральна і арганічна, і сёння ўжо цяжка ўявіць без яе і гэтае перакрыжаванне вуліц, і гэты куток горада.

"Чатыры поры году" - сваеасаблівы напружаны роздум мастака, які добра адчуваў, што надыходзіць час падводзіць вынікі таго, што пражыта і перажыта. "Я бачу, - пісаў Марк Шагал, - гэтыя чатыры поры году як сімвал, што адлюстроўвае чалавечае жыцце, і фізічнае, і духоўнае, ва ўсіх яго праявах... Я вельмі рады, што мазаіка знаходзіцца ў самым ажыўленым месцы горада, што тут увесь час - ідуць і ідуць людзі". У гэтай мазаіцы мастак нібы збірае разам свае ўлюбёныя вобразы, раскіданыя ў розных творах, і ранейшых, і самых апошніх. Абдымаюцца закаханыя, лётаюць каровы, козы і рыбіны, чароўным колерам расквітнелі кветкі... Коні і музыкі, біблейская галава асла і непаўторныя абрысы гарадскіх і вясковых вулак. Свой свет, не падобны ні на што, імкненне задумацца над сутнасцю простых з'яў жыцця... Шагалаўскае імкненне пераадолець зямное прыцягненне і вырвацца ў незвычайны фантастычны свет, і побач - бытавыя дэталі побыту жыцця яўрэйскай хасідскай сям'і, рэаліі і сілуэты роднага беларускага Віцебска... "Усё, што вы тут бачыце, - гэта родная Беларусь Марка Шагала", - так сказала Вава Шагал прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Чыкага, што прыйшлі ў той дзень на адкрыццё мазаікі. Да знаёмых і звыклых вобразаў фантазіяй мастака далучаны і пазнавальныя абрысы чыкагскіх гмахаў - своеасаблівая даніна павагі гэтаму гораду... І ўсё гэта звязана адзінай гармоніяй, адзіным рытмам, адчуваннем радаснай паўнаты жыцця. А над усім - вобраз сонца, яго шчодрых праменняў, якія нібы высвечваюць усё багацце фарбаў Шагала, яго адценні сіняга, чырвонага, жоўтага, зялёнага, - усіх колераў вясёлкі.

"Я расказваю пра нерэальнасць, што на самой справе рэальная. Альбо пра рэальнасць, якой няма і не можа быць на зямлі. Але, тым не меней, не выключана, што яна - адзіная магчымая форма існавання". Гэта таксама цытата з прыгаданых вышэй шагалаўскіх нататак "Мастацтва і жыццё".

 

ІІІ.

Прайшло ўсяго тры гады, і ў Чыкага адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго манументальнага шэдэўра Марка Шагала. "Вокны Амерыкі" - так назваў мастак свае вітражы-панэлі з каляровага шкла, што зманціраваны ў сапраўдных вокнах аднаго з залаў Чыкагскага Арт-Інстытута. Зроблены вітражы былі па заказу мэрыі Чыкага, прысвечаны яны 200-годдзю Злучаных Штатаў Амерыкі і памяці Рычарда Дж.Дэйлі, які доўгія гады быў мэрам гэтага горада. Разам з Маркам Шагалам над іх стварэннем працаваў вядомы французскі майстр Чарльз Маркю.

"Вокны Амерыкі" - гэта шэсць вітражных панэляў, вышынёю каля двух з паловай і даўжынёю ў дзесяць метраў. Верны сваёй творчай манеры злучэння і яднання самага, здавалася б, рознага і далёкага, Марк Шагал надзвычай арганічна пераплятае ў вобразах сімволіку, звязаную з гісторыяй амерыканскай дзяржавы, і атрыбутыку музаў, вызначальныя знакі і сімвалы розных відаў мастацтва. Усё гэта злучана са звыклымі для Шагала малюнкамі жывёлаў і рыбін, постацямі закаханых, абрысамі віцебскіх дамоў, вокан і вулачкаў, з якімі зліваюцца тут ужо іншыя абрысы - і Эйфелевай вежы, і Статуі Волі...

На першай панэлі - музычныя вобразы: музыка, які іграе, скрыпка, ражок, старонка партытуры. На другой - атрыбутыка, звязаная з выяўленчым мастацтвам: палітра, кісці, мальберт, прадметы, харакцерныя для нацюрмортаў. Цэнтральная частка "Вокнаў Амерыкі" прысвечана падпісанню славутай Дэкларацыі Незалежнасці, таму на трэцяй панэлі - кнігі, чарнільніца і іншая літаратурная сімволіка. Гербавы арол і Статуя Волі - на чацвёртай панэлі на фоне сілуэтаў амерыканскай архітэктуры, у тым ліку і пазнавальных абрысаў чыкагскіх хмарачосаў. Пятая панэль прысвечана тэатру - тут арлекін, падсвечнікі, тэатральная заслона, маскі. На шостай - імклівая стыхія танцу...

Незвычайнае і моцнае эмацыянальнае ўражанне ад "Вокнаў Амерыкі" выклікае гармонія шагалаўскіх фарбаў. Безліч адценняў сіняга, блакітнага, валошкавага, нябеснага... Усе колеры - яго, Марка Шагала, і толькі яго. Яны пазнаюцца здалёку: на пачатку доўгага калідора-пераходу паміж карпусамі музея бачыш наперадзе гэты сіні, не ведаючы дакладна, які там выстаўлены твор, па каляровай гаме пазнаеш, што гэта - Марк Шагал. Яго колер, як магніт, прываблівае, прыцягвае позірк - вачэй не адвесці. Вобразы і сімвалы на вітражных панэлях пераходзяць адны ў другія неяк няўлоўна і чароўна, ствараючы тую нерэальную і магчымую рэальнасць, пра якую пісаў мастак.

"Колер - гэта пульс у творы выяўленчага мастацтва, - падкрэсліваў Марк Шагал у тых жа развагах "Мастацтва і жыццё". - Колер уздзейнічае на нашы пачуцці, як і музыка. Глыбіня колеру ўспрымаецца вачыма і застаецца ў душы. Гэтак жа гукі музыкі мы чуем вушамі, а западаюць яны ў самыя глыбіні сэрца і душы і застаюцца там".

Можна доўга стаяць і ўзірацца ў гэты чароўны і прываблівы свет шагалаўскай фантазіі. Усё нібыта патанае ў сінім, усё, нібы любоўю, агорнута ў сіняе адзенне. А па-над усім - блакіт, колер блакітнага і бяздоннага неба. Натуральна прыходзіць думка, што неба тут, у нас на зямлі, ва ўсіх адзінае. Неба, якое тут, над табой, і там, над тымі, хто застаўся жыць там, на радзіме.

Мастацтва Марка Шагала не ведае нацыянальных межаў, яно належыць усяму чалавецтву. Яно прасякнута велізарнейшай любоўю да людзей. Яно запальвае агеньчык надзеі на перамогу гэтай любові.

У Чыкагскім Арт-Інстытуце каля "Вокнаў Амерыкі" - медная шыльда з імем аўтара твора, з гадамі яго нараджэння і смерці. І надпіс: "Byelorussian". Гэта значыць: "З Беларусі".

.

IV.

Убачыць апошні шэдэўр вялікага Майстра - габелен "Іоў", які быў адкрыты для людзей ужо пасля смерці Марка Шагала, вельмі проста. Трэба толькі зайсці ў будынак Чыкагскага Рэабілітацыйнага інстытута, які знаходзіцца паміж вуліцамі Superior i Huron у паўночнай частцы цэнтра горада, фасадам да возера Мічыган, усяго ў двух кварталах ад яго і ад магістралі Lake Shore Drive. Я зайздрошчу тым, хто ўпершыню адкрые для сябе гэты твор, зайздрошчу той нечаканай радасці захаплення, якая будзе ззяць у іх вачах, як у многіх маіх знаёмых, якіх я паспеў ужо прывесці сюды за нядоўгі яшчэ час жыцця ў Амерыцы. Шкада, што пра гэты шэдэўр ведаюць параўнаўча нямногія, ён дагэтуль па-за асноўнай плынню даследванняў шагалазнаўцаў.

"Іоў" вісіць у самым цэнтры вестыбюля, ён прымацаваны да столі, а не да сцяны, як звычайна. Першае ўражанне - карціна, выкананая алеем. Танюткія каляровыя пераходы, тыпова шагалаўскія мазкі, якія лёгка пазнаць, яго манера і каларыстычная, і кампазіцыйная. Злева зверху і ўдалечыні - распяцце. Устрывожаныя людзі, прагнучы пачуць шчырыя словы праўды, у адзіным парыванні імкнуцца, як да павадыра, да Іова, героя адной з самых лепшых, як мне здаецца, кніг Бібліі, праведніку, які асмеліўся спрачацца з самім Богам. На плячы і за спіной у яго - жонка, сімвал вялізнага жыццёвага і цяжару, і адказнасці, і клопату, народжанага любоўю. На тварах, выпісаных знарок абагулена, буйнымі штрыхамі, усё ж чытаецца вера і прасветленая спагада. Лётаюць каровы і анёлы, у правым верхнім куце - да болі знаёмыя абрысы Віцебска і родных беларускіх мястэчак, як амаль ва ўсіх творах Шагала. І непаўторны шагалаўскі сіні - колер любові і надзеі.

Але ж гэтая праца - не жывапіс алеем. Гэта - габелен, па-майстэрску вытканы адпаведна зробленага Маркам Шагалам малюнка каляровай гуашшу, завершанага незадоўга да смерці мастака. Шагал быў вельмі рады, што габелен згадзілася ткаць найвыдатнейшая французская майстрыха Івет Кокій Прынс, тая ж, з якой ён даўно ўжо супрацоўнічаў і пра якую раней сказаў: "У Івет - залатыя рукі".

Габелен "Іоў" завяршае, вянчае зварот Марка Шагала да тэмаў, навеяных непасрэдна Бібліяй. Яго ілюстрацыі да яе, выкананыя ў рознай тэхніцы - карціны тэмперай і алеем, літаграфіі, габелены, малюнкі гуашшу, вуглём і алоўкам, акварэлі, скульптурныя мініацюры, ганчарныя вырабы - сабраны ў Нацыянальным музеі ў Ніцы на поўдні Францыі, які так і называецца "Біблейскае Пасланне Марка Шагала". "Ужо ў мае раннія юначыя гады, - пісаў мастак, - я быў зачараваны Бібліяй. Я заўсёды ведаў і верыў, што ў ёй - крыніца паэзіі ўсіх часоў. Я пераконваўся ў гэтым заўсёды: і ў жыцці, і ў мастацтве. Біблія - быццам рэха самой прыроды, і менавіта гэтую яе таямніцу я і імкнуўся перадаць".

"Кніга Іова", вядома ж, не магла не ўсхваляваць мастака, які так уважліва і натхнёна чытаў і асэнсоўваў Біблію. Іоў - праведнік, якому былі пасланы Усявышнім пакуты. Бог адняў у яго ўсё. З горкім адчаем распавядае Іоў пра свае становішча. "Вось, я крычу: "крыўда!", і ніхто не слухае; лямантую, і няма суда. Ён перагарадзіў мне дарогу, і не магу прайсці, і на шляхі мае наслаў цемру... Ушчэнт спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, ён адняў надзею маю... Дыханне маё абрыдла жонцы маёй... Нават малыя дзеці пагарджаюць мной... Грэбуюць мною ўсе ўлюбёнцы мае; і тыя, каго я любіў, павярнуліся супраць мяне" (Кніга Іова, 19, 7-19. Мой пераклад з рускамоўнага выдання выдавецтва "Жыццё з Богам", Брусель, 1983 - В.Н.). І тады Іоў, не згаджаючыся з такімі адносінамі да яго, пачынае, як з роўным, размову з Богам, не баючыся вострых запытанняў. Чаму ў свеце пануе беззаконне? Адкуль несправядлівасць і чаму пакутуюць праведнікі? Іоў аддае належнае ўсемагутнасці Стваральніка, але ў аповедзе пра ягоныя ўчынкі гучыць крытычная ацэнка. "Ён... спыніць воды і ўсё высахне; ... аднімае язык у красамоўных і старых пазбаўляе розуму. Сорамам пакрывае славутых і моц магутных аслабляе. Павялічвае народы і знішчае іх; рассейвае народы і збірае іх. Адбірае розум у правадыроў народаў зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма шляху. Вобмацкам ходзяць яны у цемрадзі, без святла..." (12, 15-25). Выклік Усявышняму з кожнай фразай у Іова мацней, напружанасць нарастае, спецыяльна пасланыя Богам сябры спрабуюць давесці Іову, што і ён грэшны, таму трэба змірыцца і прыняць усе выпрабаванні. Але Іоў не згаджаецца з доказамі сяброў, падкрэсліваючы, што яму важней абараніць перад тварам Бога свой гонар і годнасць, а не вярнуць былое багацце і дастатак.

Звяртаючыся да Іова, Марк Шагал прадаўжае сваю касмічную тэму, дзе змешваюцца час і прастора, дзе разрываецца зямное прыцягненне, дзе распадаецца зноў сувязь часоў. Як распадаліся і злучаліся этапы шматпакутнай гісторыі яўрэяў ад зыходу з Егіпта да бегства ад Халакоста. Злавесны твар Катастрофы Шагал убачыў задоўга да пачатку Другой сусветнай вайны (карціна "Белае распяцце", напісаная ў 1938 годзе, дарэчы, таксама знаходзіцца ў Чыкага ў пастаяннай экспазіцыі Арт-Інстытута). А потым Марку Шагалу давялося ўсё зазнаць самому - бегчы з Францыі ў Амерыку, ратуючыся ад фашызму...

Але Іоў, першы, магчыма, дысідэнт на зямлі, праз пакутлівую і складанейшую спрэчку з сябрамі і з самім сабой, прыходзіць да высновы, што ён так і не пазнаў вялікай Мудрасці Боскай, што выяўлена ва ўсёй светабудове. Многія пытанні Іова пра справядлівасць, пра суадносіны дабрыні і злосці засталіся без адказаў. Але Іоў у захапленні перад вялікай таямніцай Бога, ён усведамляе ўсю яго веліч і тое, што Усявышні нікому не абавязаны даваць справаздачу пра дзеянні свае. Толькі актыўнае ўспрыманне Бога, пастаянны зварот да Яго, спасціжэнне Бібліі і яе мудрасці могуць прыўзняць заслону гэтай таямніцы і накіраваць на шлях пазнання і благачыннасцяў. Таму Іоў і гаворыць пра неабходнасць абсалютнага даверу да Бога і яго найвышэйшай, не адразу даступнай розуму чалавека праўдзе. Таму найбліжэй да Бога - чалавечая душа і толькі душа, без пасрэднікаў. Усё гэта, да чаго прыходзіць Іоў, было вельмі блізкае Марку Шагалу, гэта адпавядала яго разуменню і жыцця, і задач мастацтва.

Тут, у Чыкагскім Рэабілітацыйным інстытуце, "Іоў" Марка Шагала з'явіўся не выпадкова. Перад адкрыццём габелена, у спецыяльным артыкуле, надрукаваным у "Journal of the American Medical Association" ("Часопіс Амерыканскага Медыцынскага таварыства") прафесар Генры Бэтс, галоўны ўрач Рэабілітацыйнага інстытута, падрабязна расказаў, чаму менавіта тут з'явіўся гэты твор і што гэтаму папярэднічала. Генры Бэтс найперш звяртае ўвагу на спецыфіку інстытута - установы для лячэння і аднаўлення нармальных функцый у людзей, якія перажылі моцныя псіхалагічныя стрэсы ў выніку розных узрушэнняў, аварый і іншых жыццёвых выпрабаванняў. Таму адна з асноўных задач лячэння - узняць настрой пацыентаў, даць ім магчымасць паверыць у сябе, выклікаць нанова цікавасць да жыцця. Таму інстытут пастаянна папаўняе сваю калекцыю рэпрадукцыямі і арыгінальнымі працамі мастакоў. Яны абавязковыя ва ўсіх палатах, калідорах, у самых розных памяшканнях.

Генры Бэтс прыгадвае,  як у 1983 годзе ён сустрэўся з энергічнай і нястомнай Вівіян Якабсан, прэзідэнтам арганізацыі, што называлася "Амерыканскія сябры Музея «Біблейскае Пасланне Марка Шагала»". Яны разгаварыліся, ён падзяліўся клопатамі Рэабілітацыйнага інстытута, потым размова зайшла пра рэлігійныя і духоўныя вытокі творчасці Марка Шагала, якога яны абодва вельмі любілі. "Ваш інстытут абавязкова павінен мець яго твор", - сказала Вівіян Якабсан і паабяцала зрабіць усё магчымае для гэтага.

Вівіян Якабсан арганізавала спецыяльны камітэт, які стаў збіраць сродкі. Потым пачалася перапіска з Маркам Шагалам. Даведаўшыся, для якога будынка заказваецца будучы твор, мастак, нягледзячы на свае ўжо зусім старэчыя гады, з радасцю згадзіўся. Ён прапанаваў і сюжэт, працытаваўшы радкі з "Кнігі Іова": "Для дрэва ёсць надзея, што яно, калі і будзе ссечана, зноў ажыве, і галіны ад яго расці не перастануць..." Менавіта гэтыя радкі былі вытканы потым на адваротным баку габелена. Сам Шагал памяняў прапанаваны заказчыкамі памер, акцэнтуючы менавіта вертыкальную кампазіцыю. Ён жа, выслухаўшы пажаданне аб перавазе ў будучым творы гамы аранжавага, чырвонага і жоўтага, дадаў: "І сіняга - колеру надзеі".

Закончыўшы працу над малюнкам і ўспомніўшы пра прызначэнне габелена, дзевяностасямігадовы мастак уздыхнуў і сказаў: "Ну вось, цяпер і я - доктар".

Івет Кокій Прынс прыйшлося напружана працаваць больш за год, каб у мільёнах ваўняных ніцяў перадаць усё каляровае багацце шагалаўскай задумы. Адкрыццё габелена "Іоў" адбылося 20 чэрвеня 1986 года, калі найвялікшага мастака ХХ стагоддзя ўжо не было...

Тая страфа з Бібліі, якую прыгадаў Марк Шагал, прапануючы сюжэт габелена "Іоў", заканчваецца так: "Калі і састарэлі ў зямлі карані дрэва, і пень яго замёр у пыле, але, толькі адчуўшы ваду, яно дае парасткі і пускае галінкі, нібы нанова пасаджанае. А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён?"

І на самой справе: дзе ён, чалавек? Хто ён? Хто вы? Хто ж мы з вамі?

Паспрабуем задаць і сабе гэтыя пытанні, стоячы перад апошнім шэдэўрам Майстра. І падзякаваць лёсу за тое, што ў нас ёсць такая магчымасць.

 

* Доклад опубликован: Никифорович В. Он рисовал облик столетия. Субъективные раздумья о творчестве Марка Шагала // Шагаловский международный ежегодник, 2002: Сборник статей. Под ред. А.Подлипского. Витебск, 2003. С.35-54.

 

Шагаловский сборник. Вып. 2. Материалы VI-IX Шагаловских чтений в Витебске (1996-1999). Витебск, 2004. С. 49-53.

 

 
На главную
Сайт обновлен в 2008г. за счёт средств гранта Европейского Союза





© 2003-2008 Marc Chagall Museum
based on design by Alena Demicheva